ВА́ДКІЯ ЎГНАЕ́ННІ,

водныя растворы ці суспензіі мінер. і некаторых арган. угнаенняў. Найб. пашыраны азотныя і комплексныя вадкія ўгнаенні. Азотныя вадкія ўгнаенні: вадкі (бязводны) аміяк; аміячная вада; аміякаты і плавы (растворы аміячнай салетры і мачавіны); вуглеаміякаты. Выкарыстанне ўскладняецца неабходнасцю перавозкі і захоўвання ў герметычных (ціск да 1,9 МПа) умовах. У Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытв. аб’яднанні «Азот». Комплексныя вадкія ўгнаенні акрамя азоту маюць фосфар, калій, мікраэлементы. Колькасць пажыўных рэчываў 27—30%, у суспензіраваных — 45—54%. Найб. перспектыўныя азотна-фосфарныя вадкія ўгнаенні (растворы фасфатаў амонію): маюць нізкую т-ру крышталізацыі (-18 °C), доўга захоўваюць свае фіз.-хім. ўласцівасці, аснова для вытв-сці інш. комплексных вадкіх угнаенняў. Прыдатныя для ўсіх с.-г. культур.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)